Актывісты РППС ушанавалі памяць беларускай паэтэсы Яўгеніі Янішчыц

На Піншчыне ў сувязі з 65-годдзем беларускай паэтэсы Яўгеніі Іосіфаўны Янішчыц (1948-1988) адбылося літаратурнае свята. У горад над Пінаю з’ехаліся госці з розных куткоў Беларусі. Па падліках арганізатараў, удзел узяло звыш 100 чалавек.

Сярод шматлікіх удзельнікаў – актывісты Пінскай раённай арганізацыі Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. У вёсцы Рудка, Пінскага раёну, РППС усклала герлянду з кветак да мемарыяльнай дошкі размешчанай на хаце, дзе нарадзілася славутая паляшучка.

Выступаючы перад прысутнымі, старшыня Пінскай раённай арганізацыі Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Пётр Яромчык між іншым зазначыў: “Палеская зямля багатая на таленты і нашая партыя будзе іх падтрымоўваць, лічым гэта нашым абавязкам”.

Пасля выступу, да Пятра Мікалаевіча звярнуліся сваякі і паплечнікі Яўгеніі Іосіфаўны. Яны папрасілі, каб Пінская раённая арганізацыя РППС памагла выкупіць дом  і зрабіць у ім паўнавартнасны музей знанай беларускай паэткі. Пётр Яромчык запэўніў, што гэтае пытанне будзе разгледжанае актывам раённай арганізацыі.

Прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі рэгіёну падзякавалі РППС за тое, што арганізацыя не забывае знакамітых беларусаў і турбуецца за пакінутую імі спадчыну.

Comments are closed.